Калі запытаць пра архітэктурную жамчужыну Стоўбцаў, шмат хто адразу назаве Кафедральны сабор святой праведнай Ганны. Адметны і старадаўні храм добра вядомы ўсім і цудоўна бачны здалёк пры ўездзе ў горад з заходняга боку – святыня быццам бы ўзвышаецца над Нёманам і навакольнай забудой. І гэта зусім не выпадкова – лічыцца, што яшчэ спрадвеку храмы імкнуліся ствараць на высокіх месцах. Узвышэнне сімвалізвавала імкненне малітваў да нябёсаў, упрыгожвала краявід мястэчка і рабіла царкву заўважнай для усіх, хто шукаў шлях да яе.
Сёлета велічнаму храму спаўняецца 200 гадоў, і Дзень святой Ганны, які адзначаецца 7 жніўня, – добрая нагода прайсціся па старонках яго гісторыі.
З’яўленне царквы адпраўляе нас у часы кіравання князёў Чартарыйскіх. Ва ўласнасць да іх мястэчка перайшло ад сям’і Дэнгофаў яшчэ ў 1728 годзе – і ўсяго праз год Стоўбцы атрымалі знакамітае Магдэбургскае права.
Трэба сказаць, што род Чартарыйскіх – вельмі старажытны, а яго прадстаўнікі ліцацца нашчадкамі вялікага князя Гедыміна. У адрозненні ад шматлікіх вядомых дынастый, якія канулі ў Леце, Чартарыйскія існуюць і ў наш час. Некаторыя з іх кіруюць музеем і бібліятэкай у Кракаве, дзе сярод экспанатаў знаходзіца тапагарфічны план Стоўбцаў 1810 года. А, напрыклад, Адам Караль Чартарыйскі, які жыве ў Вялікабрытаніі, па лініі маці – стрыечны брат папярэдняга караля Іспаніі Хуана Карласа І.
Мы ж спынімся на асобе Адама Ежы Чартарыйскага (1770 – 1861), дзяржаўнага дзеяча і кіраўніка княжага роду. Ён быў блізкі да расійскага імператара Александра І, пэўны час займаў пасаду міністра замежных спраў Расійскай імперыі. Адным з яго ўладанняў былі і Стоўбцы, канфіскаваныя ў казну імперыі ў 1831 годзе – так ён увайшоў у гісторыю як апошні прыватны ўладальнік гэтых земляў. Але след на іх пакінуў вялікі – менавіта па ініцыятыве і на сродкі Адама Ежы ў 1825 годзе тут і была пабудавана праваслаўная мураваная царква.
Яе стварэнне звязанае з асабістай падзеяй – у 1817 годзе Чартарыйскі ажаніўся на Ганне Сафіі Сапеге, дачцэ князя Александра Антонія Сапегі. Так і з’явілася ідэя стварэння храма, названага ў гонар імя жонкі. У хрысціянстве Святая Ганна – маці Багародзіцы і жонка святога Іаакіма, якая нарадзіла дачку цудоўным чынам пасля доўгіх гадоў бяздзетнага шлюбу.
Захаваная да нашых дзён спадчына Чартарыйскіх з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Будынак царквы пазбаўлены пышных рысаў – мае форму прамавугольніка і двусхільны дах. Сапраўднае ўпрыгажэнне царквы – яе галоўны фасад, які мае фігурны франтон з увагнутымі бакавымі гранямі і змяшчае шмат яркіх дэкаратыўных элементаў.
Важная крыніца па вывучэнні гісторыі стаўбцоўскага храма – звесткі з «Апісання цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі» па Мінскім павеце за 1878 год. З іх вынікае, што праваслаўная царква існавала ў Стоўбцах яшчэ да 1625 году. На будаўніцтва ж новай мураванай святыні Адам Ежы Чартарыйскі выдаткаваў каля 1800 рублёў. Для параўнання, у тыя часы пуд (каля 16 кг) мёду каштаваў 20 рублёў, воз сена – 50 капеек, дзясятак яіц – 23 капейкі.
Сёння мы прызвычаіліся бачыць царкву ў спалучэнні белага, блакітнага і сіняга колераў. Але яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя храм меў жоўтую афарбоўку. Вядомы і яго выгляд ў другой палове ХІХ стагоддзя – сцены таксама былі жоўтымі, а вось дах з ліставога жалеза быў пафарбаваны ў чырвоны колер. Такім жа, жоўтым, храм апісваў і настаўнік Лабановіч ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».
Вядома, што ў другой палове ХІХ стагоддзя будынак знаходзіўся ў спраўным стане, але некаторыя патрэбы ў рамонце ўжо былі заўважныя. Да таго ж царква яшчэ не мела сістэмы ацяплення. У храме была драўляная падлога, падшытая дошкамі столь, а сцены ўнутры былі пабеленыя вапнай. Па ўспамінах старажылаў, цяперашняя падлога з кафеля была пакладзеная на пачатку ХХ стагоддзя на сродкі начальніка суднаходнай 4-й дыстанцыі Віленскай акругі – яго жонка, Юлія Данатаўна, таксама прымала актыўны ўдзел у жыцці храма і была пахавана побач з ім. Адначасова з будаўніцтвам царквы былі створаныя агароджа з бутавага камення і брама-званіца, што мела тры званы па 1, 6 і 10 пудоў.
Першапачаткова, у склад парафіі, акрамя самога мястэчка, уваходзілі вёскі Заямнае, Апечкі, Лапкі, Кругліца, Задвор’е і Ячонка. У Апечках існавала і свая могілкавая царква, але богаслужэнні ў ёй адбываліся толькі па асаблівых выпадках. На жаль, у сярэдзіне ХХ стагоддзя храм у вёсцы быў зруйнаваны, і сёння аб ім нагадвае захаваная на апечкаўскіх могілках брама-званіца.
Цяперашняе ўбранне царквы вылучаецца прыгожым іканастасам, на асноўным ярусе якога размешчана восем абразоў, на другім – шэсць, а завяршаецца ён абразом «Уваскрэсенне Хрыстова» і двума іконамі прарокаў. Вядома, што першапачаткова іканастас складаўся з 22 абразоў маскоўскай працы, размешчаных у тры ярусы. Некаторыя са старажытных ікон захоўваюцца ў царкве да гэтага часу – у іх ліку «Маці Божая з Дзіцяткам» (XVIII ст.), «Маці Божая Чэнстахоўская» (XIX ст.), «Святая Ганна, Іосіф і Марыя», «Святы Георгій». У часы атэістычнага ліхалецця царква Святой Ганны стала выратаваннем для многіх абразоў і заўсёды заставалася дзеючай.
Дзякуючы ўзагаданаму «Апісанню» вядома, што метрычныя кнігі ў Стоўбцах вяліся яшчэ да будаўніцтва цяперашняй царквы – з 1731 года. Значная частка з іх не дайшла да нашых дзён, але пэўная колькасць метрык сёння захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Яны ахопліваюць перыяды з 1796 па 1829, з 1831 па 1859, з 1860 па 1865, 1921, 1923, з 1926 па 1928 і 1930 гады.
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя прыход святаганненскай царквы налічваў каля 3,5 тысяч чалавек пераважна сялянскага саслоўя. У «Апісанні» адзначалася, што прыхаджане часта наведвалі храм, любілі царкоўныя гутаркі і павучанні, бывалі па некалькі разоў у год на споведзі. Існаваў ў Стоўбцах і асаблівы звычай, не ўласцівы для іншых мясцовасяў – напярэдадні вяселля жаніх і нявеста хадзілі па навакольных хатах і кланяліся ўсім ад малога да вялікага, просячы благаславення.
Яшчэ больш святла на гісторыю стаўбцоўскай царквы маглі б праліць «Мінскія епархіяльныя ведамасці» — выданне Мінскай і Тураўскай епархіі, што друкавалася з 1868 па 1920 гады. Часопіс змяшчаў інфармацыю аб свяшчэнаслужыцелях, звесткі пра падзеі епархіяльнага жыцця, гісторыка-статыстычныя апісанні храмаў, тэксты пропаведзяў, артыкулы святароў. На жаль, асобных публікацый, прысвечаных гісторыі стаўбцоўскай святыні, ў «Ведамасцях» не было надрукавана. Разам з тым, царкве Святой Ганны было прысвечана некалькі артыкулаў з цыклу падзеяў епархіяльнага жыцця. Так, у 1868 год друкаваўся матэрыял аб асвяшчэнні святаром Іаанам Янушэўскім новай царквы Марыі Магдаліны (знаходзілася ў будынку касцёла Святога Казіміра да Першай сусветнай вайны). У часопісе за 1870 год апісвалася асвяшчэнне закладкі чыгуначнага вакзала. А вось ў 1882 годзе паведамлялася, што 1 і 2 мая Стоўбцы наведваў Епіскап Мінскі і Тураўскі Варлаам. Ён аглядзеў абедзве праваслаўныя святыні – цэрквы Святой Ганны і Марыі Магдаліны, правёў архіярэйскае богаслужэнне і, завітаўшы ў навасвержанскую, старасвержанскую і залужскую цэрквы, накіраваўся ў Мір.
У той час святаром храма Святой Ганны, як ужо адзначалася, быў Іаан Янушэўскі. Псаломшчыкам – Стэфан Струкоўскі, які ў хуткім часе таксама прыняў святарскі сан. Папярэднікам Янушэўскага з’яўляўся Ігнацій Чудзіновіч. Кожны са святароў стаўбцоўскага храма пакідаў пасля сябе светлую памяць і карыстаўся любоўю прыхаджан. Так, сярод старажылаў дагэтуль называецца імя айца Віталя Багаткевіча, які служыў у Стоўбцах у самыя складаныя часы – з 1934 па 1951 гады.
Падчас нямецка-фашысцкай у Стоўбцах размяшчаўся лагер для ваеннапалонных. Айцец Віталь з’яўляўся выпускніком Віленскай духоўнай семінарыі і магістратуры Варшаўскага ўніверсітэта, добра ведаў нямецкую мову і пачаў дамаўляцца з начальствам лагера. Спачатку ён дамовіўся аб богаслужэннях для палонных. Паступова змог арганізаваць у Стоўбцах тры пункты штодзённага кармлення вязняў лагера, збіраць па вёсках медыкаменты, харчаванне, адзенне і перадаваць іх палонным. Праз панічны страх перад эпідэміямі кіраўнік лагера згадзіўся з Віталем Багаткевічам і дазволіў размяшчаць хворых палонных па хатах стаўбчан – праз пэўны час яны сыходзілі «далечвацца» у больш бяспечныя месцы. У пасляваенныя часы айцец Віталь быў настаяцелем Мінскага кафедральнага Свята-Духавага сабора. А яго ўнук, Юрый Багаткевіч, стаў вядомым музыкам, быў вакалістам і кампазітарам папулярнага беларускага гурта «Сябры».
Справам храма дапамагалі і героі Першай сусветнай вайны. Адзін з іх – Павел Тамілоўскі, былы генерал-майор царскай арміі, камандуючы арытлерыйскай брыгадай, які ў міжваенны час пражываў у Стоўбцах у будынку цяперашняга дзіцячага сада №3 па вуліцы Першамайскай. Другі – Авянір Кансценчык, вядомы лётчык, капітан чатырохматорнага самалёта-біплана «Ілля Мурамец». Пасля сканчэння баявых дзеянняў ён пераехаў у Стоўбцы і стаў псаломшчыкам. Апроч гэтага, Авянір Маркавіч выкладаў у школах Закон Божы. Ён вельмі любіў дзяцей, быў адукаваным і высокакультурным чалавекам. Меў абсалютны слых, выдатны голас, добра граў на шматлікіх музычных інструментах. У 1935 годзе ён памёр ад сыпнога тыфу і быў пахаваны на гарадскіх праваслаўных могілках. Па сведчанні відавочцаў, ні адна пахавальная працэсія ў горадзе не збірала столькі людзей.
Гісторыя стаўбцоўскай святыні насычаная і павучальная. Сёння светлую працу папярэднікаў працягваюць ключар храма протаіерэй Аляксандр Марцінчык і клірыкі – іерэі Георгій Кур’ян, Аляксей Кручко. Стаўбцоўская царква святой Ганны, як і кожны храм, – месца, дзе чалавечая душа знаходзіць прыстанішча, дзе вечнае сустракаецца з часовым.
Канстанцін Нашчынец